Во́льга Міха́йлаўна Іпа́тава (нар. 1 студзеня 1945, Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць) — беларуская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі дзеяч.
Вольга Міхайлаўна Іпатава | |
---|---|
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 1 студзеня 1945 (79 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменніца, перакладчыца, грамадская дзяячка |
Гады творчасці | з 1959 |
Кірунак | проза і паэзія |
Жанр | гістарычны фікшн[d] |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | Залаты апостраф (2006) |
Узнагароды |
Біяграфія
Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і служачых. Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956—1961). У 1961 годзе скончыла ў Гродне сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (скончыла ў 1967).
Працавала настаўніцай у вёсцы Руба на Віцебшчыне, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гродзенскім гаркаме камсамола (1965—1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968—1970). У 1970—1973 гадах — літаратурны супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», затым літкансультант газеты «Чырвоная змена». У 1975—1978 гадах — аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1978—1979 — зноў працавала літкансультантам у «Чырвонай змене», у 1985—1989 — галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 года — загадчык аддзела, з 1990 года — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына».
У 1991—1995 гадах Вольга Іпатава была галоўным рэдактарам газеты «Культура». У 1998—2001 гадах — намесніца старшыні, у 2001—2002 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Узнагароды
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі Францыска Скарыны і 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, лаўрэатка прэміі імя Барыса Кіта (2003), «Залаты апостраф» (2006, за аповесць «Апошняя ахвяра свяшчэннага дуба»), прэміі імя Міколы Ганька (2009, за «вялікую асветніцкую працу і прапаганду духоўных дасягненняў беларускай эміграцыі ў Канадзе») і іншыя.
Творчасць
Друкуецца з 1959 года. Аўтар зборнікаў вершаў «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Парасткі» (1976), «Крыло» (1976, на рускай мове), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вецер над стромай» (1977, расійскае выданне, Масква, 1980, адзначана на Усесаюзным конкурсе імя М. Горкага, 1981), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «Агонь у жылах крэменю» (1989), «Чорная княгіня» (1989), «За морам Хвалынскім» (1989), кніжак для дзяцей «Снягурка» (1974), «Казка пра Паўліна» (1983). Напісала тэлеп’есу «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988).
У 1996 годзе выдадзена кніга «Паміж Масквой і Варшавай», у 2002 годзе выйшла трылогія «Альгердава дзіда» («Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедыміна», «Альгердава дзіда») і інш.
Творы Вольгі Іпатавай пераведзены на рускую, англійскую, нямецкую, узбекскую, балгарскую, польскую, славацкую, чэшскую мовы, а таксама на мову хіндзі.
Акрамя таго, Вольга Іпатава выступае ў друку з крытычнымі артыкуламі і публіцыстычнымі нататкамі, перакладае на беларускую мову творы рускіх, літоўскіх, украінскіх, узбекскіх, армянскіх пісьменнікаў, займаецца грамадскай дзейнасцю. Пераклала на беларускую мову асобныя творы Аалы Такамбаева.
Бібліяграфія
- «Раніца». Зборнік вершаў. 1969 г.
- «Ліпеньскія навальніцы». Зборнік вершаў. 1973 г.
- «Снягурка». Кніга для дзяцей. 1974 г.
- «Парасткі». Зборнік вершаў. 1976 г.
- «Вецер над стромай». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1977 г.
- «Дваццаць хвілін з Немезідай». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1981 г.
- «Казка пра Паўліна». Кніга для дзяцей. 1983 г.
- «Перакат». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1984 г.
- «Давыд Гарадзенскі». Тэлеп’еса. Пастаўлена ў 1988 г.
- «За морам Хвалынскім». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1989 г.
- «Альгердава дзіда» (трылогія, увайшлі раманы «Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедзіміна», «Альгердава дзіда»). 2002 г.
- «Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба». Аповесць. 2006 г.
- «Знак Вялікага магістра». Раман. 2009 г.
- Выбраныя творы / Вольга Іпатава; уклад., прадм. і камент. Л. Савік. — Мінск: Кнігазбор, 2014. — 592 с. («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура). — у складзе аднатомніка лепшыя вершы, гістарычныя раманы («Залатая жрыца Ашвінаў», «Альгердава дзіда») і аповесці («Чорная княгіня», «Агонь у жылах крэменю»).
Крыніцы
- Вольга Іпатава // Беларускія пісьменнікі (1917—1990)…
- Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
- Кароткі нарыс 21 студзеня 2021. Сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 391. — 10 000 экз. — . — (т. 15).
Літаратура
- Вольга Іпатава // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.
Спасылкі
- Творы Вольгі Іпатавай Беларуская палічка
- Інтэрв’ю з Вольгай Іпатавай 23 снежня 2010. Штотыднёвік «Экспресс-новости»