Міхал Сапель (17 лістапада 1967, Браслаў — 10 снежня 2021) — беларускі каталіцкі святар, першы пробашч адроджанай парафіі Касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Міхал Сапель | |
---|---|
Дзейнасць | каталіцкі святар |
Нараджэнне | 17 лістапада 1967 Браслаў |
Смерць | 10 снежня 2021 |
Біяграфія
Міхал Сапель нарадзіўся ў Браславе. Ягоны бацька быў праваслаўным і працаваў электрыкам, а маці каталічкай, якая працавала на мясцовым рыбзаводзе. У 1984 годзе ён паступіў у медыцынскую вучэльню ў латвійскім Даўгаўпілсе, але праз год перавёўся ў духоўную семінарыю ў Рызе, якую паспяхова скончыў у 1990 годзе.
У 1990 годзе прызначаны вікарыем Касцёла Узвіжання Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Пазней ён атрымаў ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка заданне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Мінску жадаў маліцца па-беларуску: «Ты мусіш заняцца беларусамі».
Дзякуючы грамадска-палітычным пераменам на пачатку 1990-х гадоў, аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі мінскіх святынь — Касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы. У 1990-я парафія «стала сапраўды залатым месцам, дзе збіралася шмат [беларускай] выбітнай інтэлігенцыі».
Сапель развіваў метадычную працу па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі». Таксама ён наладжваў дабрачынную дзейнасць — у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя «Caritas», якая праз некалькі гадоў стварыла дзіцячы цэнтр у Лескаўцы. У 1992 годзе было наладжана выданне часопіса «Хрысціянская думка».
Акрамя парафіі на Залатой Горцы Сапель да 1996 года быў пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час з душпастырскай неабходнасці служыў вернікам у Заслаўі.
Міхал Сапель памёр 10 снежня 2021 года на 55-м годзе жыцця.
Крыніцы
- Аксана Ючкавіч.. Кс. Міхал Сапель: «У святарскім жыцці трэба прытрымлівацца здаровых традыцый і прынцыпаў» . Сайт «Catholic.by» (12 чэрвеня 2015). Праверана 20 снежня 2021.
- Адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель (+праграма развітання і пахавання) . Сайт «Catholic.by» (10 снежня 2021). Праверана 20 снежня 2021.
- Памёр ксёндз Міхаіл Сапель — першы пробашч адроджанай парафіі святога Роха на Залатой Горцы . Сайт газеты «Наша Ніва» (10 снежня 2021). Праверана 20 снежня 2021.
- Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі . Сайт «» (14 верасня 2013). Праверана 20 снежня 2021.